Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах, -
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў на грозных канях.
У белай пене праносяцца конi, -
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Лiтоўскай пагонi
Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць.
У бязьмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi — гады.
Вы за кiм у пагоню сьпяшiце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?
Мо яны, Беларусь, панясьлiся
За тваiмi дзяцьмi уздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
Бiйце ў сэрцы iх — бiйце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць...
Мацi родная, Мацi-Краiна!
Не усьцiшыцца гэтакi боль...
Ты прабач, ты прыймi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!
Ўсё лятуць i лятуць тыя конi,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Лiтоўскай пагонi
Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць.